hippy.ru

 

9-10-(11).04.2010 Поэтический фестиваль "Порядок слов" (Минск)

 

 

 

<<    >>

“Парадак словаў” стартаваў у Мінску 11 красавiка 2010 | Навіны "Будзьма!", Наша ўсё

Паэтычныя рыфмы, харэі, ямбы ды верлібры сутрасалі вясновае паветра трэшам і іроніяй, жартамі, рамантыкай ды лірыкай, чым адкрылі 4-ты міжнародны фэст паэзіі “Парадак словаў” у мінскай галерэі “Ў” 9-ага красавіка.

За некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця здзейснілася рэпетыцыя — перад’адкрыццё фэсту — прэзентацыя другой кнігі Сяргея Календы “Казкі: Гісторыі (не) пра нас”. Месцам дыслакацыі паэтаў стаўся Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, а вершамі новы твор аўтара віталі Зміцер Вішнёў, Анатоль Брусевіч, Ілля Сін, Віка Трэнас ды інш. Малюнкі да казак Календы рабіла Васяліна Паляніна.

Сяргей Календа тым часам пазнаёміў чытачоў з героямі казак: вераб’ём з габрэйскімі каранямі, міфалагічным кітом Кану і рыбкамі-летунамі.

Сяргей Календа:

– Мая першая кніга — агрэсіўная і маргінальная, таму выйшлі казкі, як іншы бок майго мастацтва. У гэтай кнізе ідзе парушэнне лагічных ланцужкоў. Напрыклад, кіт носіць цыліндр і чытае газету.

Адкрыццё, што месцілася на пляцоўцы мастацкай галерэі патанула у паэтычным кактэйлі ад паэтаў з Мінску, Кіева, Масквы, Полацку і Гародні. Абсурдна -экспрэсіўная лірыка, постмадэрн, авангард і паэтычны рэп межавалі з класікай, рамантыкай ды іроніяй.Прагным да паэзіі даводзілася ціснуцца ўдвох на адным крэслы ды натхняцца літаратурай стоячы, а на імправізаванай сцэне сустракаліся як ветэраны літаратуры, так і іх юныя калегі.

Уладзімір Арлоў:

– Мне згадваюцца словы нашага суайчынніка — паэта эпохі рэнесансу — Мацея Казіміра Сарбеўскага, які назваў паэзію мерай духоўнай свабоды. Я зычу усім удзельнікам фестывалю свабоды ва ўсіх яе вымярэннях і ўвасабленнях і, перш за ўсё, ў увасабленні паэзіі.

Андрэй Хадановіч

Упершыню “Парадак словаў” адбыўся чатыры гады таму, пра гэта распавёў адзін з арганізатараў і ініцыятараў фэсту Андрэй Хадановіч:

– Фэст пачаўся ў 2006 годзе. Ён утварыўся з ініцыятывы Андрэя Новікава. У Мінску не было міжнароднага фестывалю паэзіі, пачуўшы такую прапанову, я з радасцю адгукнуўся і паспрабаваў напоўніць яе беларускім зместам. Мы імкнемся да штогадовага фармату, але летась давялося пачакаць больш чым год. Кожны год бываюць нейкія навінкі. Напрыклад, сёлетні мае некалькі фішак: большы ўдзел беларускіх паэтаў не з Мінску, імпрэзы сталіся больш шматстайнымі, бо кожную рыхтаваў свой куратар.

На працягу трох дзён некалькі дзесяткаў паэтаў з Беларусі, Украіны і Расіі будуць чытаць вершы, ладзіць прэзентацыі ды ўдзельнічаць у турніры.

Арганізатар фэсту з расійскага боку — паэт Андрэй Новікаў:

– Сённяшні фестываль праходзіць у межах акцыі “Беларускі красавік 2010”, які аб’ядноўвае “Парадак словаў” і фэст беларускага слова, што пройдзе ў Маскве 21 і 22-га красавіка. Адно з дасягненняў “Парадку словаў” — гэта тое, што беларускія аўтары зараз шырока вядомы у Расіі. Я цікавіўся беларускай паэзіяй яшчэ з 2000 году, бываў у Беларусі, таму ідэя фестывалю ўзнікла сама сабой.

Аляксандар Шышкін, Масква

У першы дзень фэсту на сцэне сышліся ў чытанні вершаў іранічны Дзьмітры Строцаў, абарыген паэтычных слэмаў Віталь Рыжкоў, самая маладая ўдзельніца Інна Зайкіна ды інш. Арыі маскоўскіх гасцёў выканалі ў вершах Аляксандр Шышкін, Аляксей Яфімаў, Алена Ганчарова ды інш.

Полацкая паэтка і бард Лера Сом

– Сапраўды зрэдку здараецца, калі хто-небудзь не з Мінску выступае менавіта тут.

Завяршыць першы дзень свята паэзіі давялося Андрэю Хадановічу, які праспяваў колькі паэтычнага рэпу, распавёў як выцягнуць хлопца з ложку дзяўчыны ды навучыў быць беларускім мужчынам. Паэтычная дзея разгортвалася ў межах прэзентацыі “Несіметрычных сноў”– новай кнігі аўтара.

З нагоды сваёй новай кнігі жартаваў Андрэй Хадановіч:

– Жаданне набыць кніжку лёгка праходзіць за некалькі хвілін яе чытання.

Да кнігі далучыўся яе аўдыё-варыянт ад Дзмітрыя Дзмітрыева, ў якім Андрэй Хадановіч знайшоў новыя сэнсы сваіх вершаў.

“Парадак словаў” будзе віраваць на абшары некалькіх пляцовак, а падрабязную афішу можна глядзець тут.

Фестываль праходзіць пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Фота — Андрэй Яновіч. По этой ссылке фото: http://budzma.org/budzma/paradak-slovaw-startavaw-u-minsku.html